“Смяротнае пакаранне – наша мінулае”. Як прайшла сустрэча ў ZBS-прасторы
9 кастрычніка ў прасторы ZBS адбыўся івент “Ты за ці супраць смяротнага пакарання?”
Задзіночанне Беларускіх студэнтаў упершыню прымала ўдзел у Тыдні супраць смяротнага пакарання, што штогадова ладзіцца праваабаронцамі з 5 па 10 кастрычніка.
На сустрэчу з запрошаным экспертам Валянцінам Стэфановічам сабралося каля 30 маладзёнаў. На пачатку мерапрыемства ў прысутных запыталі, ці мае хтосьці з іх ужо абгрунтаваную пазіцыю адносна смяротнага пакарання – “за” ці “супраць”. У залі паднялося каля шасці рук.
Далей Валянцін Стэфановіч пазначаў на паперы меркаванні-аргументы прысутных “за” і “супраць” смяротнага пакарання. Пасля гэтага адбылася размова пра тыя аргументы, якія найбольш часта называюцца паводле статыстычнага даследвання.
Так, прыхільнікі такога віду пакарання кажуць:
- смяротнае пакаранне – гэта справядлівая адплата;
- на ўтрыманне асуджаных марнуюцца грошы падаткаплацельшчыкаў;
- смяротнае пакаранне – можа быць стрымліваючым фактарам для здзяйснення злачынстваў.
У сваю чаргу, праціўнікі смяротнага пакарання адзначаюць:
- чалавечае жыццё неацэнна, дзяржава не адказная за нараджэнне, а таму не мае права і адбіраць жыццё;
- нельга выключаць наяўнасць судовай памылкі, і, як следства, незваротнасць прысуду;
- смерць – вельмі простае рашэнне, якое не дазваляе чалавеку пераасэнсаваць здзейснены ўчынак.
Валянцін Стэфановіч распавядаў пра розныя прыклады смяротных прысудаў, якія адбываліся ў Беларусі і сталі вядомыя праваабаронцам. Эксперт адзначыў, што смяротнае пакаранне – наша мінулае, якое дасталася нам у спадчыну ад савецкіх часоў, у тым ліку тое, што ў журнале аб выкананне прысуду пазначалася: “убыл па приговору”.
Таксама Валянцін Стэфановіч распавёў удзельнікам сустрэчы пра інструменты, якія выкарыстоўваюць праваабронцы для змянення сітуацыі з прымяненнем смертнай кары, і пра тое, што ёсць тры шляхі да адмовы ад гэтага віда пакарання:
- увядзенне мараторыя – абвяшчаецца афіцыйна праз заканадаўчы акт, напрыклад, указ прэзідэнта, і можа быць часовым ілі бестэрміновым;
- увядзенне мараторыя дэ-факта – непрымяненне смяротнага пакарання на практыцы на працягу дзесяці і больш гадоў;
- поўная адмена – патрабуе зменаў у законах.
Прысутныя актыўна задавалі пытанні. Пасля размовы адбыўся прагляд дакументацыйнага фільма «Убыл по приговору». Зноў з залі задаваліся пытанні, прайшло невялікае абмеркаванне праблемы.
Напрыканцы прысутным задалі тое ж пытанне, што і на пачатку сустрэчы: “Ці вызначаліся вы з асабістай пазіцыяй па пытанні смяротнага пакарання – “за” ці “супраць”? На гэты раз узнялося больш за 10 рук. Амаль усе яны ўзняліся ў адказ і на другое пытанне: “Хто з вас супраць смяротнага пакарання?”
“Я б ацаніла сённяшняе мерапрыемства на 9 з 10. Увогуле да гэтага я ніколі з гэтай тэмай не сутыкалася, і мне было цікава”, - падзялілася адна з прысутных дзяўчын са сваёй сяброўкай, з якой на мерапрыемстве сустрэлася выпадкова.
“Рэдкі класік не сядзеў у турмах”: смяротнае пакаранне і беларуская літаратура
Прагляд фільма і дыскусія пра смяротнае пакаранне прайшлі ў Гародні