Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнні ў справе расстралянага Генадзя Якавіцкага

Геннадзь Якавіцкі. Фото: tut.by
Геннадзь Якавіцкі. Фото: tut.by

Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў парушэнні беларускімі ўладамі правоў расстралянага ў 2016-м годзе Генадзя Якавіцкага. Пра гэта паведаміў каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, які прадстаўляе яго інтарэсы ў Камітэце ААН.

Якія менавіта парушэнні ўстанавіў Камітэт?

Індывідуальны зварот асуджанага да смяротнага пакарання Генадзя Якавіцкага быў зарэгістраваны ў Камітэце па правах чалавека ААН 17 ліпеня 2016 года. Негледзячы на тое, што Камітэт ААН прасіў не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд на час разгляду скаргі, Якавіцкага расстралялі ў СІЗА №1 Мінска 5 лістапада 2016 года. 

12 сакавіка 2020 года Камітэт па правах чалавека ААН прыняў рашэнне, у якім прызнаў, што ў справе Генадзя Якавіцкага беларускімі ўладамі быў дапушчаны шэраг парушэнняў яго правоў, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Камітэт ААН прыйшоў да высновы, што ў дадзенай сітуацыі мела месца адвольнае пазбаўленне жыцця расстралянага Якавіцкага. Акрамя гэтага, было парушана права Геннадзя Якавіцкага на справядлівае судовае разбіральніцтва незалежным і непрадузятым судом, а таксама права на прэзумпцыю невінаватасці.

Камітэт па правах чалавека ААН звярнуў увагу ў рашэнні на адмову беларускай дзяржавы супрацоўнічаць з ім, а таксама на непавагу Беларусі на просьбу Камітэта аб прадастаўленні забеспячальнай меры.

Камітэт ААН ужо неаднаразова заклікаў урад Беларусі перагледзець сваё заканадаўства аб смяротным пакаранні.

Што думае на гэты конт праваабаронца?

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда звяртае ўвагу, што Камітэт прызнаў парушэнне не толькі права на жыццё Генадзя Якавіцкага, а таксама іншых правоў, прадугледжаных Пактам. Гэта і парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, і права на справядлівае судовае разбіральніцтва, і іншыя. 

“У сувязі з тым, што Беларусь у чарговы раз праігнаравала просьбу Камітэта ААН аб не прывядзенні ў выкананне прысуду да разгледжання ім справы, сам Генадзь Якавіцкі не дачакаўся гэтага рашэння.

Негледзячы на ўмоўна станоўчы вынік гэтай справы ў Камітэце ААН і на прызнанне пазіцыі правабаронцаў і сваякоў Якавіцкага, рашэнне не выклікае пазітыўных пачуццяў ці пачуцці нейкай перамогі, бо самога чалавека ўжо няма. Цяжка прымаць тое, што чалавек пра гэтае рашэнне ўжо ніколі не даведаецца. З іншага боку, гэта важная праца для будучыні, і можа менавіта гэтае рашэнне не ўратавала жыццё чалавека, але яно можа паўплываць на адмену смяротнага пакарання ў Беларусі, а значыць, уратуе жыцці іншых, хто можа быць прысуджаны да смяротнага пакарання ў нашай краіне”, – падкрэслівае важнасць гэтага рашэння Камітэта па правах чалавека Андрэй Палуда. 

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” з жалем адзначае, што Беларусь ужо прызвычаілася да сваёй ганебнай практыцы – не рэагаваць на звароты Камітэта аб не прывядзенні ў выкананне смяротных прысудаў на час разгляду справы. Праваабаронцы расцэньваюць гэта, як паказчык непавагі беларускіх уладаў да ўзятых на сябе міжнародных абавязальніцтваў. Андрэй Палуда падкрэслівае, што гэта ў сваю чаргу вельмі моцна ўплывае на міжнародны імідж дзяржавы.

А якая цяпер сітуацыя ў Беларусі са смяротным пакараннем?

Сёлета беларускія суды вынеслі ўжо тры смяротныя прысуды. 10 студзеня Магілёўскі абласны суд вынес смяротныя прысуды ў Чэрыкаве двум братам – 21-гадоваму Іллю і 19-гадовау Станіславу Косцевым. Заўтра, 22 траўня, у 9:30 суд Вярхоўнага суда ў парадку апеляцыі разгледзіць іх скаргі. Па інфармацыі праваабаронцаў, негледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне і наогул у свеце, суды не перанесены ў анлайн.

"Наша дзяржава не дае шанцу выправіцца": сястра асуджаных да смяротнага пакарання

"Вясноўцы" з'ездзілі ў Чэрыкаў і пагаварылі з сястрой асуджаных да смяротнага пакарання Ганнай. Як смяротны прысуд стаў прысудам для ўсёй сям'і — чытайце ў нашым рэпартажы.

Трэці смяротны прысуд быў вынесены 6 сакавіка Мінскім абласным судом у Слуцку 29-гадоваму Віктару Скрундзіку. Апеляцыйны разгляд яго скаргі ў Вярхоўным Судзе прызначаны на 30 чэрвеня ў 9:30.

Выкананне смяротнага прысуду ў Беларусі яшчэ чакаюць Віктар Сергель з Лунінца і асуджаны на смяротнае пакаранне 30 ліпеня 2019 года Віктар Паўлаў з Віцебшчыны.

ААН, Еўрасаюз, АБСЕ і іншыя міжнародныя арганізацыі асуджаюць практыку прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі.


Навіны ад dp.spring96.org у Facebook: падпішыся на адмысловую старонку "Смяротнае пакаранне ў Беларусі"

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны