FIDH просіць дапусціць віцэ-прэзідэнта Стэфановіча на разгляд прашэння аб памілаванні братоў Косцевых
Міжнародная Федэрацыя за Правы Чалавека (FIDH) звярнулася ў Камісію па пытаннях памілавання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь з просьбай запрасіць віцэ-прэзідэнта і праваабаронцу Валянціна Стэфановіча на пасяджэнне па разглядзе хадайніцтва аб памілаванні асуджаных на смерць братоў Іллі і Станіслава Косцевых.
Магчымасць прысутнасці на пасяджэннях камісіі прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў і СМІ замацаваная ў пункце 9 Палажэння аб парадку ажыццяўлення ў Рэспубліцы Беларусь памілавання асуджаных, вызвалення ад крымінальнай адказнасці асобаў, якія садзейнічалі раскрыццю і ліквідацыі наступстваў злачынстваў, зацверджаным Указам Прэзідэнта 03.12.1994 №250. Акрамя таго, пунктам 5 Палажэння прадугледжана, што пры разглядзе хадайніцтва аб памілаванні можа прымацца пад увагу ў тым ліку меркаванне грамадскіх арганізацый.
FIDH з'яўляецца адной з вядучых міжнародных арганізацый у галіне абароны правоў чалавека і адной з заснавальніц сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання. Разам са сваімі сяброўскімі арганізацыямі FIDH імкнецца да ўсеагульнай адмены смяротнага пакарання і выступае супраць прымянення смяротнага прысуду, незалежна ад злачынства або абставінаў.
"Мы б хацелі атрымаць магчымасць вочна прадставіць меркаванне FIDH па пытанні аб памілаванні братоў Косцевых перад камісіяй, і мы спадзяемся, што гэта меркаванне будзе ўлічана пры прыняцці рашэння па сутнасці пададзенага хадайніцтва", – гаворыцца ў звароце FIDH да камісіі, падпісаным прэзідэнтам арганізацыі Аліс Магвэ.
У Міжнароднай Федэрацыі за Правы Чалавека ўпэўненыя, смяротнае пакаранне раўнасільнае бесчалавечнаму абыходжанню і катаванням. Акрамя таго, вопыт FIDH паказвае, што смяротны прысуд часта з'яўляецца вынікам несправядлівага судовага разбору. Таксама FIDH нагадвае, што так званы папераджальны эфект смяротнага пакарання ніколі не быў даказаны. У снежні 2014 года 117 краін свету прынялі рэзалюцыю Генеральнай Асамблеі ААН, якая заклікае ўвесці універсальны мараторый на смяротнае пакаранне, і міжнародная тэндэнцыя на карысць усеагульнай адмены працягвае расці.
Нагадаем, 10 студзеня 2020 года Магілёўскі абласны суд асудзіў Іллю і Станіслава Косцевых да смяротнага пакарання. 22 траўня 2020 г., пасля таго, як апеляцыйная скарга асуджаных была адхіленая судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і прысуд уступіў у сілу, Станіслаў і Ілля Касцевы падалі хадайніцтва аб памілаванні на імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За 26 гадоў знаходжання ва ўладзе Аляксандр Лукашэнка памілаваў толькі аднаго чалавека, асуджанага на смерць.
![]()
Amnesty International заклікае Беларусь не расстрэльваць братоў Станіслава і Іллю Косцевых

