Справа Аляксандра Грунова

14 чэрвеня 2013 г. Гомельскі абласны суд прызначыў Аляксандру Грунову выключную меру пакарання – расстрэл.

18 кастрычніка 2013 года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Грунова, смяротны прысуд адмянілі, справу адправілі на новы судовы разгляд.

Аднак Гомельскі абласны суд 24 снежня ў другі раз прысудзіў Аляксандра Грунова да вышэйшай меры пакарання.

8 красавіка 2014 г. Вярхоўны суд пакінуў у сіле рашэнне Гомельскага абласнога суда аб смяротнай кары ў дачыненні да А. Грунова.

9 красавік 2014 г. была зарэгістраваная індывідуальная скарга ў Камітэце па правах чалавека ААН. У адпаведнасці з правілам 97 Правілаў працэдуры Камітэта, дзяржаве-ўдзельніцы была накіраваная копія паведамлення з просьбай прадаставіць Камітэту каментары па сутнасці і просьбай не прыводзіць у выкананне смяротны прысуд, вынесены ў дачыненні да Аляксандра Грунова, пакуль яго справа знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце.

5 лістапада 2011 года адвакату стала вядома, што прысуд прыведзены ў выкананне.

У дадзены момант, скарга А. Грунова знаходзіцца на разглядзе Камітэта па правах чалавека ААН, абаронцы чакаюць рашэння.

Абставіны справы

20 верасня 2012 Груноў забіў знаёмую студэнтку Наталлю Емяльянчыкаву, нанёсшы 102 нажавыя раненнні. На судзе ён патлумачыў, што за некаторы час да сустрэчы дзяўчына абразіла яго ў кампаніі знаёмых людзей, назваўшы яго словам, якое для чалавека, які калісьці знаходзіўся за кратамі, вельмі абразлівае. Брат Наталлі, які меў судзімасць і добра які ведаў парадкі “на зоне”, растлумачыў ёй, што за такія словы трэба папрасіць прабачэння, але яна не зрабіла гэтага.

Прызнаны судом вінаватым па п. 6 ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю).

Прынцыповыя парушэнні следства і акалічнасці справы, не разгледжаныя судом і/або якія паўплывалі на вынясенне прысуду

  • Суд не прыняў да ўвагі змякчаючую акалічнасць – яўку з павіннай, супрацоўніцтва са следствам.
  • Падчас паўторнага разгляду справы Гомельскім абласным судом на суд быў аказаны ціск з боку Прэзідэнта, які заявіў у СМІ: “Калі ты, нягоднік і падонак, ідзеш і не першы раз ужо робіш злачынства, забіваеш чалавека, то якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакаранне павінны быць адпаведным. Вазьміце гэта на кантроль.
  • Парушаная прэзумпцыя невінаватасці – прысуд судовай калегіі Гомельскага абласнога суда яшчэ не ўступіў у законную сілу, але Груноў ужо утрымліваўся ў адзіночнай камеры для смяротнікаў ў ІЧУ УУС Гомельскага аблвыканкама, дзе быў вымушаны насіць вопратку з надпісам на спіне “ИМН” (выключная мера пакарання) .
  • Па выніках псіхіятрычнай экспертызы асуджаны быў прызнаны адэкватным, залежнасці ад алкаголю і наркотыкаў у яго не выяўлена. Аднак пакутаваў ад змяшанага расстройства асобы.

Глядзіце таксама:

http://spring96.org/ru/news/68076

http://naviny.by/rubrics/society/2014/04/09/ic_news_116_434548/

http://naviny.by/rubrics/disaster/2014/11/04/ic_articles_124_187468/

http://naviny.by/rubrics/disaster/2014/11/4/ic_articles_124_187468/

http://naviny.by/rubrics/disaster/2014/11/05/ic_news_124_448314/

Дакументы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны