Справа Рыгора Язэпчука
Прысуджаны да расстрэлу Магілёўскім абласным судом 23 красавіка 2013 г.
12 ліпеня 2013 г. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь разгледзела касацыйную скаргу Р. Язэпчука і пакінула прысуд Магілёўскага абласнога суда без змены.
Прашэнне аб памілаванні да прэзідэнта Беларусі было адхіленае.
Аб прывядзенні прысуду ў выкананне стала вядома ў траўні 2014 года. Мяркуецца, што ён быў расстраляны разам з Паўлам Селюном – аб яго расстрэле стала вядома 18 красавіка 2014 года.
Зварот у Камітэт па правах чалавека не падаваўся, паколькі ў абаронцаў не было доступу да Р. Язэпчука, уладамі доўгі час хавалася нават імя асуджанага.
Абставіны справы
4 ліпеня ў камеры турмы № 4 г. Магілёва быў знойдзены труп 22-гадовага Ігара Хадакова, задушанага шалікам. У камеры з ім знаходзіліся Рыгор Язэпчук і Павел Петракоў.
Па версіі следства, Рыгор Язэпчук прапанаваў І. Хадакову згуляць з ім у даміно “на жыццё” — па дамоўленасці, пераможца пазбаўляў жыцця таго, хто прайграў. Пасля гэтага пераможца дамовіўся з Петраковым, калі яны заб'юць Хадакова.
Суд прызнаў вінаватымі абодвух мужчын. Р. Язэпчук быў асуджаны па пп. 15, 16 ч. 2 арт. 139 КК Беларусі (забойства, здзейсненае групай асобаў, асобай, якая раней учынiла забойства).
Прынцыповыя парушэнні следства і акалічнасці справы, не разгледжаныя судом і/або якія паўплывалі на вынясенне прысуду
- Доўгі час грамадскасці не было вядомае нават прозвішча падазраванага ў забойстве. Справу разглядалі ў Магілёўскім СІЗА ў закрытым рэжыме.
- Афіцыйная версія гэтага забойства была агучаная ў сюжэце праграмы “Таямніцы следства” на нацыянальным тэлеканале “Беларусь-1” 1 чэрвеня 2013 г. З гэтай праграмы стала вядома, што абодва сукамернікі Р. Язэпчука мелі “нізкі сацыяльны статус” — наўпрост было сказана, што яны знаходзіліся ў інтымных адносінах. Па крымінальных правілах, асобы, якія трапілі ў такую камеру, самі атрымліваюць такі статус, калі яны не выходзяць з яе любым спосабам – нанясенне сабе калецтваў, напад на канваіра, альбо забойства сукамернікаў. Пра гэтыя “паняцці” добра вядома адміністрацыі турмы, таму асуджаныя з такім статусам ўтрымліваюцца асобна. Застаецца адкрытым пытанне, чаму ў гэтую камеру быў заселены Р. Язэпчук, які да такога “статусу” не належаў.
- Выклікае сумневы факт “гульні ў даміно”, паколькі па крымінальных паняццях з вязнямі з “нізкім” сацыяльным статусам не садзяцца за адзін стол і нават не размаўляюць.
- У момант забойства вочка камеры было заклеена газетай. Пры гэтым ахова чамусьці не спяшалася адчыніць камеру і праверыць, што там адбываецца, двойчы абмежаваўшыся вуснымі патрабаваннямі адкрыць вочка ў дзвярах. Дэпартамент выканання пакаранняў так і не паведаміў, ці быў прыцягнуты да адказнасці хтосьці з адміністрацыі турмы за тое, што там адбылося забойства.
Глядзіце таксама:
http://spring96.org/ru/news/63290
http://naviny.by/rubrics/disaster/2013/08/23/ic_news_124_423408/
http://belapan.com/archive/2014/05/12/700984/
Дакументы
- Нататка з газеты «Магілёўскія ведамасці» (0.06 Mb)
- Адказ ВС «Нашай Ніве» (0.04 Mb)
- Фота Р. Язэпчука (0.02 Mb)