Андрэй Палуда: Улады хочуць прадаць гэтае палітычнае пытанне — адмену смяротнага пакарання ў Беларусі
У Беларусі плануецца ўнясенне шэрага зменаў у крымінальнае заканадаўства. Як паведаміў TUT.BY, "другі пакет" прадугледжвае выключэнне з Крымінальнага кодэкса смяротнага пакарання. Такая прапанова ўтрымліваецца ў пакеце дапаўненняў і змяненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, які плануецца перадаць на разгляд дэпутатам у 2021 годзе. Гэта значыць, што ўжо ў наступным годзе выключнай мерай пакарання ў Беларусі можа стаць пажыццёвае пазбаўленне волі. Каардынатара кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда распавёў, як ён расцэньвае хуткія планы ўладаў адмяніць смяротнае пакаранне ў нашай краіне, наколькі гэта рэальна і ці выратуе гэта жыццё ўжо асуджанных да смяротнага пакарання людзей.
“Адмена смяротнага пакарання ў Беларусі — палітычнае пытанне”
Яшчэ год таму пасля перамоваў з прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што пытанне адмены ў Беларусі смяротнага пакарання можа быць вырашана выключна на рэферэндуме. А сёння гэтае пытанне вырашаецца шляхам унясення паправак у Крымінальны кодэкс. Што за гэты час змянілася?
“Адмена смяротнага пакарання заўсёды ў Беларусі была палітычным пытаннем. Цяпер улады хочуць прадаць гэта Захаду. На ўсе гэтыя рэферэндумы і волю народу, на якія ўвесь час спасылаліся прадстаўнікі ўлады, ім было ўсё роўна. Уладам у іх разуменні было выгадна, каб у Беларусі існавала смяротнае пакаранне. Па вялікім рахунку, гэта было жаданнем аднаго чалавека — Аляксандра Лукашэнкі”, — кажа Андрэй Палуда.
“Улады адмяняюць смяротнае пакаранне, бо баяцца наступстваў расследвання жнівеньскіх падзеяў”
Пры гэтым, каардынатар кампаніі адзначае, што пасля жнівеньскіх падзеяў, якія суправаджаліся гвалтам і жорсткімі рэпрэсіямі супраць удзельнікаў выбарчых акцый, прыхільнікаў захавання смяротнага пакарання ў Беларусі павялічылася:
“Я неднаразова чуў ад людзей, што не трэба цяпер адмяняць смяротнае пакаранне, бо ўлады нарабілі столькі дрэннага [маюцца на ўвазе падзеі, звязваныя з выбарамі], што трэба, каб яны панеслі самае жорсткае пакаранне.
Прывяду прыклад. У кастрычніку 2020 года мы традыцыйна праводзілі Тыдзень супраць смяротнага пакарання. У гэты раз ён праходзіў пад слоганам “Смяротнае пакаранне — элемент сістэмы гвалту”. Мы праводзілі канцэрт-марафон “Рок за жыццё”, у якім прымалі ўдзел розныя прадстаўнікі грамадства. Мы заўсёды запрашаем выступаць людзей, якія падзяляюць з намі ідэю адмены смяротнага пакарання. І калі ў гэтым годзе мы запрашалі паўдзельнічаць у нашым марафоне пэўныя гурты і лідараў меркавання, то некаторыя людзі адмаўляліся, матывуючы гэта тым, што яны выступаюць за захаванне смяротнага пакарання, пакуль не будуць праведзеныя суды над тымі, хто прымаў удзел у разгонах і рэпрэсіях да ўдзельнікаў мірных акцый супраць фальсіфікацый выбараў у Беларусі. Яны лічуць, што за тыя злачынствы сілавікоў, прадстаўнікоў улады мусяць быць вынесеныя смяротныя прысуды. Ёсць меркаванне, што ўлады прымаюць рашэнне па адмене смяротнага пакарання, бо баяцца наступстваў расследвання жнівеньскіх падзеяў.
“Праваабаронцы бескампрамісна выступаюць супраць смяротнага пакарання”
Але пазіцыя праваабаронцаў у гэтым пытанні зводзіцца да таго, што смяротнае пакаранне мусціь быць адмененае ў любым выпадку. Мы бескампрамісна выступаем супраць смяротнага пакарання пры любых акалічнасцях. І калі ўсё ж такі такое рашэнне будзе прынятае, то мы будзем гэта толькі вітаць. Беларускае заканадаўства прадугледжвае шмат іншых магчымасцяў пакарання вінаватых, у тым ліку за падзеі, якія працягваюць адбывацца ў нашай краіне амаль кожны дзень”.
“Беларускае грамадства можа стаць часткай еўрапейскай сістэмы абароны правоў чалавека”
Таксама праваабаронца “Вясны” Андрэй Палуда адзначае, што пакуль рана заяўляць пра адмену смяротнага пакарання, бо ўлады ў любы момант могуць “перадумаць”. Але, калі такое рашэнне будзе прынятае, то гэта можа даць беларускаму грамадству шмат новых магчымасцяў, у тым ліку, па абароне сваіх правоў на міжнародным узроўні.
“Асабіста я ўсё ж такі прытрымліваюся меркавання, што ўлады проста хочуць прадаць гэтае палітычнае пытанне, каб “заплюшчылі вочы” на іх іншыя хібы, напрыклад, адмову расследваць факты катаванняў і гвалту ў Беларусі пасля выбараў. Пакуль цяжка сказаць, ці будзе гэта рашэнне сапраўды прынятае, бо цяпер у Беларусі хутка ўсё змяняецца, і неабходнасць адмяняць смяротнае пакаранне ва ўладаў можа адпасці ў любы момант. Тым больш, што “другі пакет” зменаў у крымінальнае заканадаўства будзе разглядацца толькі вясной, а за гэты час можа шмат чаго адбыцца і змяніцца.
Адмена смяротнага пакарання можа адкрыць новыя магчымасці для людзей, якія могуць быць асуджаныя да пакарання смерцю. Таксама гэта можа даць шанец беларускаму грамадству стаць часткай еўрапейскай сістэмы абароны правоў чалавека”.
Ці выратуе гэта жыццё ўжо асуджанных да смяротнага пакарання?
Па інфармацыі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”, у "калідоры смерці" на дадзены момант знаходзяцца чатыры чалавекі:
- Віктар Паўлаў (смяротны прысуд вынесены 30 ліпеня 2019 года);
- Віктар Сергель (смяротны прысуд вынесены 25 кастрычніка 2019 года);
- браты Ілля і Станіслаў Косцевы (смяротны прысуд вынесены 10 студзеня 2020 года).
Таксама Мінскі абласны суд другі раз разглядае крымінальную справы жыхара Слуцкага раёна Віктара Скрундзіка, якому Вярхоўны суд у апеляцыйным парадку адмяніў першы прысуд. Але і на новым разглядзе пракурор запрасіў для Віктара смяротнае пакаранне.
У Слуцку працягнецца разгляд справы Віктара Скрундзіка, якому пракурор зноў запрасіў смяротнае пакаранне
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда кажа, што няма адказу на тое, ці спыняць змены ў Крымінальны кодэкс выкананне смяротных прысудаў у дачыненні да гэтых чатырох чалавек, бо ў Беларусі не было такой практыкі раней, і можна толькі здагадвацца, як яна пойдзе:
“Цяжка сказаць, ці можа выратаваць адмена смяротнага пакарання людзей, якіх ужо асудзілі да растрэлу. У краінах постсавецкай прасторы, калі адмянялася смяротнае пакаранне ці ўводзіўся мараторый, то напярэдадні ўвядзення зменаў у заканадаўства масава прыводзілі ў выкананне смяротныя прысуды. Ва Узбекістане, напрыклад, выбарачна гэта рабілі. Таму цяжка сказаць, як гэта практыка пойдзе ў Беларусі”.
"Наша дзяржава не дае шанцу выправіцца": сястра асуджаных да смяротнага пакарання з Чэрыкава