У Слуцку працягнецца разгляд справы Віктара Скрундзіка, якому пракурор зноў запрасіў смяротнае пакаранне
У панядзелак, 11 студзеня, пасля трохмесячнага перапынку ў будынку суда Слуцкага раёна Мінаблсуд працягне разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Віктара Скрундзіка і яшчэ траіх жыхароў Слуцкага раёна, якіх абвінавачваюць у забойстве пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны. 6 сакавіка Мінскі абласны суд асудзіў жыхара Слуцкага раёна, але 30 чэрвеня калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах адмяніла смяротны прысуд Віктару Скрундзіку і іншыя прысуды па гэтай справе. Крымінальную справу адправілі на новы разгляд у Мінскі абласны суд. На новым разглядзе пракурор зноў запрасіў для Скрундзіка смяротнае пакаранне.
Новы рагляд крымінальнай справы пачаўся 7 верасня, але 12 кастрычніка, калі ў судзе павінны былі заслухаць апошнія словы абвінавачаных, судовыя працэсы пераносілі некалькі разоў праз COVID-19. Таму 11 студзеня ў 11:00 плануецца заслухаць апошняе слова Віктара Скрундзіка і яшчэ траіх абвінавачаных па гэтай справе. Неўзабаве чакаецца і вынясенне прысуду. Пра гэта паведамілі сваякі Віктара Скрундзіка каардынатару кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" Андрэю Палуду.
29 верасня пракурор запрасіў на новым разглядзе справы такія ж тэрміны, якія выносіліся да адмены прысудаў Вярхноўным судом: Віктару Скрундзіку — растрэл, Валянціну Бушніну — 18 гадоў пазбаўлення волі, Віталю Мяцежу — 22 гады пазбаўлення волі, Сяргею Захарчэню — 1 год папраўчых работ з утрыманнем 10% ад заробку.
Першая інстанцыя
Нагадаем, 6 сакавіка, Мінскі абласны суд на выязным паседжанні ў Слуцку абвясціў прысуды траім жыхарам Слуцкага раёна. Іх абвінавацілі ў забойстве 79-гадовага і 94-гадовага пенсіянераў і замаху на забойства 85-гадовай жанчыны. Усе фігуранты справы былі прысуджаныя да вялікіх тэрмінаў зняволення, а таксама смяротнага пакарання. Суддзя Мінскага абласнога суда Вячаслаў Тулейка прызначыў тое пакаранне, якое запрашваў дзяржабвінаваўца Вадзім Лолуа.
- 29-гадовы Віктар Скрундзік па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса прысуджаны да выключнай меры пакарання — растрэлу;
- 25-гадовы Віталь Мяцеж па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса — да 22 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;
- 33-гадовы Валянцін Бушнін па дзвюх артыкулах Крымінальнага кодэкса — да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Апеляцыя ў Вярхоўным судзе
30 чэрвеня Вярхоўны суд разглядзеў апеляцыйныя скаргі на смяротны прысуд жыхара Слуцкага раёна Віктара Скрундзіка, а таксама на прысуды абвінавачаных па справе Валянціна Бушніна, Сяргея Захарчанка і Віталя Мяцежа. Але толькі 29-гадовага Віктара Скрундзіка даставілі ў суд, ён быў закаваны ў кайданкі і ў апрануты ў спецвопратку смяротніка з надпісам "ІМН" ("исключительная мера наказания" — заўв. рэд.).
У судовую калегію, якая разглядала скаргі, ўваходзілі суддзі Сяргей Кандрацьеў, Віталь Лаеўскі і Андрэй Кавальчук. Калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах задаволіла апеляцыйную скаргу і адмяніла смяротны прысуд Віктару Скрундзіку.
Вярхоўны суд адмяніў смяротны прысуд Віктару Скрундзіку