Смяротнае пакаранне ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі: у кроку ад фінішнай лініі

11 снежня 1977 года Amnesty International і ўдзельнікі Міжнароднай канферэнцыі па адмене смяротнага пакарання прынялі Стакгольмскую дэкларацыю, якая заклікала ўсе краіны свету дамагчыся неадкладнай і поўнай адмены смяротнай кары. На той час смяротнае пакаранне было адменена ўсяго ў 16 краінах. Праз сорак гадоў гэтая лічба дасягнула 105.

Напярэдадні гадавіны прыняцця дакумента Amnesty International падрыхтавала бюлетэнь з кароткім аглядам гісторыі пытання і апошніх тэндэнцый у Еўропе і Цэнтральнай Азіі. Асаблівая ўвага надаецца ўжыванню смяротнага пакарання ў Беларусі, якую праваабаронцы называюць “апошнім катам у рэгіёне”.

“Сёння Еўропа і Цэнтральная Азія як ніколі блізкія да таго, каб стаць рэгіёнам, свабодным ад смяротнага пакарання. Казахстан, Расія і Таджыкістан захоўваюць смяротнае пакаранне на ўзроўні заканадаўства, але працягваюць прытрымлівацца мараторыя на расстрэлы. Казахстан, які адмяніў смяротнае пакаранне за агульнакрымінальныя злачынствы, такія як забойства, з’яўляецца адзінай з трох краінаў, якая вынесла смяротны прысуд у апошнія гады”, — нагадваюць праваабаронцы.

Беларусь застаецца апошнім катам у рэгіёне, захоўваючы смяротнае пакаранне за забойства. У 2017 годзе ў краіне было вынесена 3 прысуды да вышэйшай меры і ў дачыненні мінімум як да аднаго чалавек смяротнае пакаранне прыведзена ў выкананне. Яшчэ чацвёра, па звестках праваабаронцаў “Вясны”, зараз утрымліваюцца ў камерах смяротнікаў і чакаюць выканання прысудаў.

Адной з найбольш жахлівых асаблівасцяў прымянення смяротнага пакарання ў Беларусі з’яўляецца сакрэтнасць, якая яго атачае. Пра прывядзенне прысудаў у выкананне можна даведацца толькі пасля таго, як сваякі прыязджаюць у турму ў чаканні спаткання з сваімі блізкімі, але, замест гэтага, даведваюцца, што тыя “выбылі” або былі “расстраляныя”.

У іншых краінах рэгіёну часам узнікаюць стыхійныя заклікі да аднаўлення смяротнага пакарання, асабліва пасля тэрарыстычных актаў, ахвярамі якіх сталі людзі, і якія абвастраюць пачуццё няўпэўненасці.

Але сур'ёзныя выклікі для абаліцыянісцкага руху яшчэ наперадзе. Беларусь з'яўляецца наступным рубяжом”, - адзначаецца ў бюлетэне Amnesty International.

Бюлетэнь Amnesty International быў размешчаны на сайте праваабарончай арганізацыі 30 лістапада – у дзень Міжнароднай акцыі “Гарады за жыццё – гарады супраць смяротнага пакарання”, які ўжо ў 15 раз адзначаецца ў тых краінах, дзе смяротнае пакаранне ўжо на практыцы не прымяняецца.

Лагатып міжнароднай акцыі «Гарады за жыццё — гарады супраць смяротнага пакарання»

Нягледзячы на тое, што ўлады Беларусі не адмаўляюцца ад смяротнага пакарання, праваабаронцы і грамадскія актывісты штогод 30 лістапада далучаюцца да ініцыятывы “Гарады за жыццё – гарады супраць смяротнага пакарання”. Месяц таму актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” правялі шэраг тэматычных мерапрыемстваў, прысвечаных Тыдню супраць смяротнага пакарання.

Так, у Гомелі 5 кастрычніка адбыўся кінапаказ і абмеркаванне мастацкага фільма “Сальвадор”, які дапамагае з розных бакоў паглядзець на праблему забойства чалавека дзяржавай. На наступны дзень ў адукацыйнай прасторы PUNKT у Мінску прайшла публічная дыскусія “Смяротнае пакаранне: за ці супраць?” з удзелам прадстаўнікоў ПЦ “Вясна” Алеся Бяляцкага і Валянціна Стэфановіча.

Таксама ў гэты дзень у Аршанскім раёне актывісты наведалі месца массавых расстрэлаў на Кабыляцкай гары і расстрэльнага лесу па Магілёўскай шашы, а затым прынялі ўдзел у дыскусіі "Масавыя рэпрэсіі і смяротнае пакаранне". Пасля гэтага адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма "Гісторыя смяротнага пакарання ў Беларусі" рэжысёра Віктар Трацякова.

У Брэсце 7 кастрычніка, а ў Мінску – 8 кастрычніка з аншлагам прайшлі канцэрты “Рок за жыццё”, а 9 кастрычніка ў Мінскай галерэі TUT.BY адбылася прэзентацыя інтэрактыўнага сацыяльнага комікса “Мама, гэта я...”.

Цягам дня 10 кастрычніка праваабаронцы і актывісты ў многіх гарадах і мястэчках правялі інфармацыйныя акцыі з нагоды Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання.

Каб далучыцца да акцыі “Гарады за жыццё – гарады супраць смяротнага пакарання” у гэтым годзе прапануем вам апублікаваць у сацыяльных сетках альбо на персанальным сайце комікс “Мама, гэта я…” з хэштэгамі #citiesforlife #ЗаЖыццё.

Кніга «Смяротнае пакаранне ў Беларусі»

Улёткі, дыскі, лагатыпы

Смяротныя прысуды ў Беларусі з 1990 г.

Навіны