Лёс асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Асіповіча вырашыць Вярхоўны суд
Апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання жыхара Бабруйска Аляксандра Асіповіча разгледзіць Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь 14 траўня. Пачатак судовага паседжання ў 9.30.
Нагадаем, 9 студзеня 2019 года на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Бабруйску быў агучаны прысуд мясцоваму жыхару Аляксандру Асіповічу. Яго звінавацілі ў двайным забойстве, здзейсненым пры абцяжарваючых абставінах і прысудзілі да смяротнага пакарання. Напачатку паведамлялася аб тым, што скаргу будуць разглядаць 30 красавіка, затым дату, меркавана па прычыне пераезду Вярхоўнага суда ў новы будынак, перанеслі на 14 траўня.
Новы адрас Вярхоўнага суда: г. Мінск, вул. Арлоўская, 76.
У кватэры, дзе праводзіў час падсудны Асіповіч уначы 20 ліпеня 2018 года, былі знойдзены целы двух маладых жанчын - Крысціны і Алесі.
На судзе, які пачаўся яшчэ 4 снежня ў Бабруйску, высветлілася, што каля 7 гадзін раніцы 20 ліпеня ў міліцыю патэлефанавала маладая жанчына і стала крычаць, што ёй пагражаюць, прасіла аб дапамозе. Яна з сяброўкай зачынілася ў ваннай пакоі, а да іх спрабаваў ўламацца мужчына. Аднак жанчына няправільна паказала месца, дзе яны знаходзяцца, таму міліцыя доўга шукалі дом і кватэру. На другі дзень, калі аператыўнікі затрымалі 36-гадовага непрацуючага бабруйчаніна, то ў ваннай пакоі знайшлі знявечаныя целы двух маладых жанчын са слядамі гвалтоўнай смерці.
Прысуд Асіповічу: расстрэл, кампенсацыя сваякам, судовыя выдаткі
Зараз у Беларусі чакаюць выканання смяротнага прысуду двое грамадзян Мінска - Вячаслаў Сухарка і Аляксандр Жыльнікаў.
Аляксандр Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка першапачаткова былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне ў сакавіку 2017 года па абвінавачванні ў забойстве трох чалавек у снежні 2015 года. У выніку дзеянняў пракуратуры, у ліпені 2017 года Вярхоўны суд накіраваў справу на новы разгляд у суд ніжэйшай інстанцыі, які 20 студзеня 2018 г. прысудзіў абодвух абвінавачаных да смяротнага пакарання. Адвакат Жыльнікава прасіў правесці паўторную судова-медыцынскую экспертызу, каб даказаць яго невінаватасць у двух з трох забойстваў. Адвакат таксама патрабаваў менш суровы прысуд. Абедзве просьбы былі адхіленыя, і 30 траўня 2018 года Вярхоўны суд пакінуў смяротныя прысуды ў сіле.